ГУМАНІСТЫ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
кірунак у сучаснай зах. (пераважна амер.) псіхалогіі. Узнік у 1960-я г. як альтэрнатыва біхевіярызму і псіхааналізу. Заснавальнікі А.Маслаў, Р.Мэй, К.Роджэрс, В.Франкль і інш. Ідэйна-філас. погляды прадстаўнікоў гуманістычнай псіхалогіі грунтуюцца на філасофіі экзістэнцыялізму і фенаменалагічнай школы (гл. Фенаменалогія). Прадметам вывучэння з’яўляецца чалавек у яго цэласнасці, унікальнасці, самаактуалізацыі, адкрытасці да развіцця. Гуманістычная псіхалогія разглядае чалавека не як кіруемую машыну (біхевіярызм) і не як цалкам залежнага ад несвядомых матываў (фрэйдызм), а як асобу, якая пастаянна стварае сябе, усведамляе сваё прызначэнне ў жыцці, рэгулюе межы суб’ектыўнасці і свабоды; праводзіць у жыццё новы погляд на чалавека як на суб’ектыўна незалежнага, ствараючага сваё «Я» і адказнага за яго. Галіной практычнага дастасавання гуманістычнай псіхалогіі з’яўляюцца псіхатэрапія, логатэрапія, педагогіка, якія выкарыстоўваюць эфект усведамлення значнасці чалавечага існавання.
Літ.:
Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ. М., 1990;
Братусь Б.С. Опыт обоснования гуманитарной психологии // Вопр. психологии. 1990. № 6;
Rogers K. Toward a science of the Rerson // Wann T.W. Behaviorism and phenomenology. Chicago;
London. 1964.
Л.І.Навуменка.
т. 5, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)